Кожны прыезд бібліобуса на сяло - гэта свайго роду падзея для насельніцтва, асноўная частка якога – пенсіянеры і дзеці. Пажылыя - гэта катэгорыя, якая патрабуе падвышанай увагі і клопату. Яны заўсёды з радасцю карыстаюцца паслугамі бібліобуса і з нецярпеннем чакаюць «кніжную машыну», ведаючы, што ветлівыя бібліятэкары ласкава прапануюць «навінку», падкажуць і параяць. Ды і настрой падымуць, кожны раз пацікавяцца жыццём-быццём. Бо добрае слова так важна, асабліва для старых, якія ў большасці сваёй пражываюць у вёсках.

У чарговы раз маршрут бібліобуса пралягаў праз вёскі Ламы, Сяліба, Даманова і Стасеўка.

Вельмі прыемна рэкамендаваць дарослым і дзецям прывезеную літаратуру, назіраць як шчыра радуюцца дзеці незнаёмым кнігам , якія ўдалося адшукаць у скрынках мікрааўтобуса.

Сучасныя хлапчукі і дзяўчынкі аддаюць перавагу чытаць так званыя «жахі» - страшныя казкі з серыі дзіцячых кніг, напісаных у жанры трылер. А яшчэ мараць пра новыя нумары часопісаў для падлеткаў: “Страказа”, Адзін дома”, “Апельсін”, “Дзяўчынкі”, “Свет падарожжаў”, “Юны выратавальнік”.

Па праўдзе кажучы, прыемна бачыць тую непадробную радасць, якой свецяцца вочы вясковых жыхароў. Галоўнае, што людзі на сяле чытаюць. Бо яшчэ старажытнарымскі палітычны дзеяч, прамоўца і філосаф Цыцэрон сказаў: «Дом, у якім няма кнігі, падобны да цела, пазбаўленага душы». На шчасце, да жыхароў вёсак Бабруйшчыны гэта ўжо сапраўды не адносіцца.

Сумесна з фельчарам Стасеўскага ФАПа Ліцкевіч Тамарай Іванаўнай праведзена гадзіна здароўя “Разам за здаровы лад жыцця!”, ў час якой прагучаў экспрэс-агляд з перыядычных выданняў: “Прэса ад хваробы і стрэсу”, “Здаровы лад жыцця – гэта шлях для ўсіх”.