З далёкіх часоў вядома традыцыя калядавання. Водгулле гэтай традыцыі падтрымалі і ў аграгарадку Іванаўка работнікі сельскага клуба і бібліятэкі, зладзіўшы тэатралізаванае свята “Каляда, Каляда, адчыняйце вароты!”.

Спачатку калядоўшчыкі з абавязковым атрыбутам - каляднай зоркай - завіталі ў бібліятэку, дзе іх пачаставала гаспадыня - бібліятэкар Раіса Лаўрыновіч. Героі абраду спявалі калядныя песні, паказалі сцэнку, адгадалі загадкі і пазнаёміліся з тэматычнай літаратурай каля выставы. Пасля калядаванне з песнямі і віншаваннямі працягнулася па хатах, дзе Каза, Цыганка, Мядзведзь, Вавёрачка і дзеці-калядоўшчыкі зычылі гаспадарам ўсіх магчымых даброт і даравалі козачку-абярэг.