golovach2

 

 

 

Галавач Платон Раманавічgolovach1

(1903-1937)

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч

 

Нарадзіўся 18 красавіка 1903 г. у сялянскай сям'і ў в. Пабокавічы Бабруйскага раёна. Рана страціў маці. З сямі гадоў працаваў пастухом. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, быў членам літаратурнага гуртка.

Будучы адным з арганізатараў камсамольскага руху ў воласці, стварыў у 1920 г. у роднай вёсцы камсамольскую ячэйку. Змагаўся з непісьменнасцю сялян, з аднадумцамі-сябрамі ячэйкі адчыніў хату-чытальню, кнігі для якой яны дастаўлялі з Бабруйска. Камсамольцы арганізавалі і працу клуба.

Платон Галавач быў сельскім карэспандэнтам павятовай газеты «Камуніст». У бабруйскай газеце публікаваліся яго артыкулы пра жыццё камсамольцаў роднай вёскі.

На здольнага камсамольскага лідэра звярнула ўвагу Вера Харужая, якая ў той час працавала ў павятовым аддзеле палітадукацыі і не аднаразова прыязджала ў Гарбацэвічы. Па яе рэкамендацыі Бабруйскі павятовы камітэт камсамола накіроўвае Платона Галавача на вучобу.

У 1922-23 гг. вучыўся ў Мінскай партшколе, у 1926 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт.

У 1922-23 гг. ён працаваў інструктарам Барысаўскага павятовага камітэта камсамола. З 1926 узначаліў у ім аргаддзел.

У 1923 г. стаў членам ВКП(б). З 1928-га года абраны 1-м сакратаром ЦК ЛКСМБ.

З 1923 па 1928 гг. узначальваў літаратурную арганізацыю «Маладняк». Пасля яе рэарганізацыі ў лістападзе 1928-га ў БелАПП (Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў) стаў членам новай структуры.

Быў членам ЦК КПБ (1927-30 гг.), членам ЦВК БССР (1927-35 гг.). У 1929-30 гг. Платон Галавач працаваў намеснікам наркама асветы БССР.

З 1934 г.- член Саюза пісьменнікаў СССР. Быў рэдактарам газеты «Чырвоная змена», часопісаў «Маладняк», «Полымя» (быў яго першым рэдактарам).

Творчую дзейнасць распачаў у 1921 годзе. Першае апавяданне «Загубленае жыццё» было апублікавана ў газеце «Савецкая Беларусь» (1925). Потым выйшлі зборнікі апавяданняў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934).

Тэматыка шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, нарысаў звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Творы П. Галавача карысталіся поспехам, перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, ідыш i іншыя мовы.

П. Галавач пражыў усяго 34 гады. У беларускай літаратуры XX стагоддзя, бадай, не знойдзеш другога пісьменніка, у якога засталася б такая багатая неапублікаваная літаратурная спадчына, як у Платона Галавача. Многія творы пісьменніка засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Усе планы i намеры перакрэсліла трагічная гібель. 11 жніўня 1937 г. быў арыштаваны. На месцы арышту ў Мінску па вул. Маскоўскай, 8/1, кв. 34 канфіскавана 67 сшыткаў рукапісаў. Верагодна, што сярод іх быў і раман «Ён».

Ва ўспамінах пісьменніка С. Шушкевіча, які прайшоў праз мінскую турму НКВД, ёсць радкі аб сустрэчы з Платонам Галавачом. «Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Скатаваны і знясілены, Платон Раманавіч доўга маўчаў… Нарэшце загаварыў: “За [мной] няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас”. Сказаў і заплакаў…» (з кн. В. Куляшовай, 1989г.).

Перад судом Платон Раманавіч у сваёй камеры пакінуў запіску: «Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон».

Суд адбыўся ўвечары 28 кастрычніка і доўжыўся 15 хвілін. На ім Галавач прызнаў сябе вінаватым. Тройка НКВД асудзіла яго як «арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» і за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці» прысудзіла да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці.

Прысуд прыведзены ў выкананне 29 кастрычніка ў Мінскай турме НКУС. Месца пахавання невядома.

Рэабілітаваны 25 ліпеня 1956 г.

Землякі ўшаноўваюць памяць аб П. Галавачу. Імем Платона Галавача названы вуліца і завулак у Бабруйску. У 1968 годзе на будынку Гарбацэвіцкай школы Бабруйскага раёна, дзе вучыўся пісьменнік, адкрыта мэмарыяльная дошка.

Чытайце кнігі Платона Галавача ў нашых бібліятэках.

 

 

golovach

 

 

golovach3

 

Галавач, П. Р. Збор твораў : у 3 т. / Платон Галавач ; [складанне, уступны артыкул, заўвагі Д. Бародзіча]; рэдкалегія: Я. Брыль [і інш.]. — Мінск :Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958.   

 

 

 

golovach4

 

Галавач, П. Праз гады : раман / Платон Галавач ; [мастак Ю. К. Зайцаў]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. — 367 с.— (Беларускі раман)

У рамане «Праз гады» вядомага беларускага празаіка Платона Галавача адлюстравана жыццё дакастрычніцкай беларускай вёскі, развіццёрэвалюцыйнага руху, барацьба за калектывізацыю. У цэнтры твора — складаны жыццёвы шлях

Паўла Будніка, камуніста, чалавека вялікай сілы волі і непахіснага характару.

 

 

 

golovach5

 

Галавач, П. Спалох на загонах : аповесць / Платон Галавач. Адвечнае ; Развітанне : аповесці / Барыс Мікуліч ; маст. Ю.Ц.Цярэшчанка. — Мінск : Юнацтва, 1997. — 354 с. — (Школьная бібліятэка)

У аповесці "Спалох на загонах" П. Галавач імкнуўся, паводле яго слоў, "з максімальнай праўдзівасцю паказаць сам працэс калектывізацыі вёскі з усімі цяжкасцямі, з усёй складанасцю класавага змагання, ва ўмовах якога гэты працэс ідзе".

 

Літаратура аб жыцці і творчасці пісьменніка з фондаў нашых бібліятэк :

Галавач Платон Раманавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 4.–Мінск, 1997. - С. 443.

Галавач Платон Раманавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Т. 2. / галоўны рэдактар Т. У. Бялова. – Мінск, 2010. –– С. 477.

Галавач Платон Раманавіч // Энцыклапедыя літ. і мастацтва Беларусі. Т. 2.–Мінск, 1985.–С. 10.

Головач Платон Романович // Их именами названы…: энцикл. справочник.- Минск, 1987. - С. 148.

Гарэлік, А. Платон Галавач / А.Гарэлік // Памяць: гiст.-дакум. хронiка Бабруйскага района. - Мінск, 1998. - С. 141-142.

Голубева, Т. Гора і радасць Платона / Таццяна Голубева // Бабруйскае жыццё. – 2012. – 18 апреля. – С. 8.

Дасаева, Т. З верай у светлыя ідэалы : [творчасць Платона Галавача] // Роднае слова. – 2003. - №4. – С.5.

Карніловіч Э.А. Ці быў вінаваты пісьменнік? // Карніловіч Э.А. Імёны з небыцця.–Мінск, 2003.–С. 232-245.

Марціновіч, А. Не стаяў на раздарожжы. Платон Галавач / Алесь Марціновіч // Бяссонне млечнага шляху : выбраныя старонкі беларускай літаратуры. - Мінск, 2016. - С. 49-68

Марціновіч, А. Сведка бурапенных дзён : Платон Галавач // Беларуская думка.–2003. - № 3.– С. 40-50.

Маўчанава, М. Пабокавічы – радзіма Платона Галавача / М. Маўчанава // Трыбуна працы. – 2011. – 20 жніўня. – С.5

Навакоўская, А. Пісьменнік Платон Галавач - наш зямляк / Алена Навакоўская, Ірына Сысой // Бабруйскае жыццё. - 1993. - 17 красавіка. - С. 2.

Рублевская, Л. Судьба в нескольких фотоснимках : [Головач Платон] / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. – 2013. – 4 июня.

Янин, Э. Кем должны гордиться // Трыбуна працы.–1996. - № 79. - С. 3-4.