Скачать шаблоны для cms Joomla 3 бесплатно.
Зелёные шаблоны джумла.

Адамовіч Алесь

Алесь (Аляксандр Міхайлавіч) Адамовіч – празаік, крытык, літаратуразнаўца, публіцыст, грамадскі дзеяч.

 

Член-карэспандэнт АН БССР (1980), доктар філалагічных навук (1962), прафесар (1971). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1957. Член Саюза журналістаў СССР з 1967. Член Саюза кінематаграфістаў СССР з 1977. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР ім. Якуба Коласа (1976), прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) – за кнігу «Хатынская аповесць».

 

 

Нарадзіўся ў сям'і служачых 3 верасня 1927 года ў вёсцы Канюхі, Капыльскага раёна, Мінскай вобласці.

 

 

Яго бацька — Адамовіч Міхаіл Іосіфавіч пасля заканчэння медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, быў накіраваны ў 1928 годзе на пастаянную работу ў пасёлак Глуша (Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць).

 

Пераехаў туды разам з жонкай — Ганнай Мітрафанаўнай і сынамі: Яўгенам і Аляксандрам.

 

 “А сапраўдная малая радзіма, дзе я ўваходзіў у век і ў жыццё – рабочы пасёлак Глуша або проста:"Гута"- так называлі завод здаўна, з часоў яго заснавання. Польска-нямецкае слоўца, але цалкам прыручанае, наша мясцовае.          На паўдарозе ад Варшавы да Масквы, на ўсход 7 сотняў кіламетраў, на захад-амаль столькі ж, таму і "Варшаўка", таму і "Кацярынінскі тракт". А наша Глуша, пазначаная толькі на падрабязных беларускіх картах, - пацеркі на тонкай нітачцы”.

 

У Глушы будучы пісьменнік вучыўся з першага па сёмы клас. Любіў кнігі і, асабліва А.Пушкіна, шмат разоў перачытваў “Вайну і мір” Л.Талстога.

У 1940—1941 гады Алесь вучыўся ў Бярозках на Хоцімшчыне (Магілёўская вобласць), дзе настаўнічаў яго дзядзька Антось, які “граніў” яго характар і веды.

 

 

Вярнуўся ў Глушу ў той дзень, калі пачалася вайна з Германіяй, а для яго маці, старшага брата Яўгена і яго самога — “вайна пад стрэхамі”.

Ганна Мітрафанаўна стала актыўнай удзельніцай Глушанскага падполля з верасня 1941 года: будучы загадчыкам мясцовай аптэкі, яна прывозіла з Бабруйска медыкаменты і забяспечвала імі партызан атрада імя Кірава, разам са сваімі дзецьмі выконвала розныя заданні і даручэнні.

 

 

У пачатку 1943 года яна з сынамі “пайшла ў лес”, у партызанскі атрад імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння.

Алесь, ідучы ў партызаны, буханку хлеба, якую паклала яму ў сумку маці, замяніў на аднатомнік Пушкіна.

Некаторы час Алесь выконваў гаспадарчыя работы ў лагеры, пазней удзельнічаў у баях у Бабруйскім і Акцябрскім раёнах.

 

 

У пачатку 1944 года па камандзіроўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху быў накіраваны ў горад Ленінагорск на Алтаі. Вучыўся ў Ленінагорскім горнаметалургічным тэхнікуме і адначасова працаваў. Там сустрэў і Дзень Перамогі.

 

 

Вярнуўшыся ў 1945 годзе ў Глушу, ён экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Скончыўшы ў 1950 годзе БДУ, паступіў у аспірантуру. Выкладаў там жа на кафедры беларускай літаратуры.

У 1954-1966 г.г. працаваў у інстытуце літаратуры імя Я.Купалы АН Беларусі.

З 1957 г. член Саюза пісьменнікаў СССР.

У 1962-1966 г.г. вучыўся на вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве.

У 1964 –1966 г.г. выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В.Ламаносава.

З 1987 г. – дырэктар навукова-даследчага інстытута кінамастацтва ў Маскве.

 

Пісаў на беларускай і рускай мовах.

 

Яму выпала нялёгкая місія: несці людзям праўду. І гэты чалавек ні на крок не адступіўся ад сваіх прынцыпаў. У любой сітуацыі, пры любых абставінах заставаўся самім сабой.

 

А.Адамовіч напісаў шэраг мастацкіх твораў. Яго раманы “Вайна пад стрэхамі” (1960), “Сыны ідуць у бой” (1963) склалі дылогію  “Партызаны”, дзе адлюстраваны падзеі ваенных часоў у пасёлку Глуша. Па сцэнарыю пісьменніка пастаўлена аднайменная кінадылогія (1970). Выйшлі з друку аповесці “Вікторыя” (1966), “Апошні водпуск” (1969), “Хатынская аповесць” (1972), “Карнікі” (1980), “Апошняя пастараль” (1987).  У 1985 г. на кінастудыі “Беларусьфільм” Э. Клімавым пастаўлены мастацкі фільм   “Ідзі і глядзі”, у аснову  якога пакладзены “Хатынская аповесць” ,“Карнікі”. У 1987 г.  выйшла кніга апавяданняў і эсэ “Маленне аб будучым”.  А.Адамовіч – адзін з аўтараў дакументальных кніг “Я з вогненнай вёскі…”(1975), і “Блакадная кніга” (1979).

 

Алесь Адамовіч – лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976) за “Хатынскую аповесць”. У 1982 г. ў складзе дэлегацыі БССР  удзельнічаў у рабоце ХХХVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1989 г. абраны народным дэпутатам СССР. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і медалямі.

 

Памёр 26.01.1994 г. Пахаваны ў пасёлку Глуша.

Уникальная программа снижения веса от Фаберлик.
Новинки косметики фаберлик на faberllena.ru